Сразу же после начала польско-немецкого конфликта 1 сентября 1939 года польские власти принимают решение о депортации польских граждан немецкой национальности в лагерь в Березе Картузской. Это были в основном активисты немецких национальных организаций, протестантские священники и простые граждане. Впервые в Березе появились женщины-заключенные.
Вашему вниманию предлагается перевод небольшой книжки-воспоминаний о пребывании немецких заключенных в Березе. Книгу предоставил Юрий Куванов, перевод сделал Алесь Чайчиц.
Дарога пакут у Бярозе-Картускай
Leidensweg in der Bereza-Kartuzka
2 верасня 1939 года ў 10 гадзін раніцы ў маім маёнтку Рада (Rada), што знаходзіўся ў 33 км ад Берасця-над-Бугам, з'явіліся тры ўзброеных штыкамі паліцыянта і абвесцілі мне, што я арыштаваны па загадзе брэсцкага старосты і павінен цяпер жа выправіцца з імі ў паліцэсйкі пастарунак у Гусцку (Husck). Я палічыў, шо маецца нейкае непаразуменне. Я загадаў падрыхтаваць мой аўтамабіль да ад'езду. Мяне суправаджалі мая жонка і сын, каб дапамагчы ў выпадку неабходнасці і каб правесці перамовы з высокапастаўленымі асобамі. Пад высокапастаўленымі асобамі я разумею вайводу. Іх зварот да яго, аднак, быў беспаспяховым, як я потым даведаўся.
У Берасці мяне пасадзілі ў маленькі пакойчык паліцэйскай варты, дзе ўжо знаходзілася некалькі чалавек, якіх я ведаў: сярод іх адвакат Фрыдрык Боднэр (Frydryk Bodner), доктар Кароль (Karol), былы дэпутат Сэйма, які прадстаўляў расійскую меншасць, земляўладальнік Імрот (Imrot) і іншыя. Пра прычыну нашага арышту мы нічога не ведалі. Толькі а першай гадзіне начы нас, акрамя Кароля, пад канвоем адвялі ў паліцэйскі пастарунак на вакзале. Там кожнаму з нас перадалі пісьмовае паведамленне старосты, што мы прысуджаныя да месячнага тэрміну ў канцэнтрацыйным лагеры ў Бярозе-Картускай. Нам было дазволена апратэставаць прысуд старосты ў вайводстве, што, аднак, не адкладала нашага накіравання ў турму. Нас адвялі да вагонаў. Нашай групе не надзелі наручнікі, як гэта рабілася з этапамі з Познані ці Сілезіі.
На світанку мы даехалі да месца прызначэння і нас павялі 6-7 км да Бярозы-Картускай. Па дарозе да нас некалькі разоў далучаліся вялікія групы арыштантаў, і на падыходзе да Бярозы нас налічвала ўжо да сотні чалавек.
Гэтая знакамітая турма, дзе нам было наканавана апынуцца, была пабудаваная па інструкцыях і планах палескага вайводы Костэка-Бернацкага (Kostek-Biernacki). Ён жа вызначыў дакладныя правілы паводзінаў ахоўнікаў у дачыненні да вязняў. Ягоным давераным і галоўным памочнікам пры ўвядзенні гэтага рэжыму быў кіраўнік аддзела бяспекі Палескага вайводства Ралевіч (Rolewicz). Самой турмой кіраваў капітан, якому падпарадкавалася некалькі афіцэраў. Д'ябальскую сістэму абыходжання з вязнямі непасярэдне ажыццяўлялі некалькі вартаўнікоў, унтэрафіцэраў і некалькі абраных злачынцаў, якія былі асуджаныя на многія гады турэмнага зняволення. Самым жорсткім з іх быў так званы інструктар, які насіў нумар 3030.
Сам канцэнтрацыйны лагер складаўся з двух казармападобных будынкаў, перад якімі ляжалі чатыры абгароджаных калючым дротам пляцоўкі. За калючым дротам знаходзіліся ўзвышэнні, на якіх дзяжурылі вартаўнікі з кулямётамі. Гэтыя меры загадзя адваблівалі ад любой спробы пабегу.
Пасля нашага прыбыцця нас пашыхтавалі ў два шэрагі. Перад намі выступіў паліцыянт, які растлумачыў, што мы павінны неадкладна і без малейшага пярэчання выконваць усё, што ад нас патрабуюць. Любая маруднасць будзе жорстка карацца, а непадпарадкаванне магло каштаваць жыцця. Потым ён загадаў нам апусташыць і вывярнуць кішэні, затым мы павінны былі зняць камізэлькі. У наступны момант пачаўся асабісты дагляд, кожнага, хто не стаяў смірна, білі па твары. Тое ж самае рабілася з тымі, хто не да канца вывярнуў кішэні ці хто ня мог дастаткова хутка адказаць на задаваныя пытанні. Нас білі далонню так моцна, што пачынала ісці кроў. Падчас пары білі па галаве. Калі няшчасны падаў, яго "апрацоўвалі" нагамі. Вязні стаялі запалоханыя і падаўленыя, асабліва калі распраўляліся з пажылымі асобамі. Сярод такіх быў адзін лекар з Валыні.
Пасьля вобшуку мы павінны былі цалкам распрануцца і пастрыгчы адно аднаму валосы на галаве і ў іншых месцах. Пасля гэтай стрыжкі на пляцоўцы паставілі стол, за які селі тры паліцыянта, якія адбіралі ў вязняў грошы і запісвалі сумы ў рэгістр. З нашай групы толькі Боднэр меў больш за 3.000 злотых, у сілезскай групе некаторыя вязні падчас здавалі значна большыя сумы, самая вялікая была 500.000 злотых. Іх уладальнік непасярэдна перад арыштам прадаў усю сваю маёмасць.
Усе нашыя рэчы, як паліто, бялізну - усё акрамя рушніка і насоўкі, аднеслі ў другі будынак. Любыя прадукты харчавання мы маглі захаваць. Усе дакументы і рашэнні старосты ў нас адабралі, і з смехам паведамілі, што цяпер ніхто не зможа апратэставаць прысуд у вайводы, бо вязням не палагаецца мець ані паперу, ані пяро.
Унутраны распарадак бярозаўскай турмы забараняў вязням любую перапіску са знешнім светам, а таксама валодаць будзь-якімі рэчамі. Пра гэта, аднак, нікога не папярэдзілі, і многія вязні бралі з сабой каштоўныя рэчы, цёплую вопратку і іншае, што ў іх было адабрана. Ад таго, што з каштоўных рэчаў пры мне былі толькі пярсцёнкі і залаты крыжык і што я пакінуў дом у летнім адзенні, мае дачкі і адна знаёмая дама накіравалі шэфу аддзела бяспекі Ралевічу просьбу дазволіць перадаць мне цёплае адзенне і бялізну. Хаця Ралевіч добра ведаў, што мне нельга нічога атрымліваць, ён параіў дамам даслаць мне пасылку. Натуральна, іх перадачу я не атрымаў, і толькі паштовая квітанцыя засталася маўклівым сведкам у маіх дачок.
Пасля ўладжвання першых фармальнасцяў, нас бягом накіравалі на дэзынфекцыю. З-за таго, што Боднэру было ўжо 77 гадоў, а адзін з вязняў меў замест нагі драўляны пратэз, паліцыянты загадалі суседзям узяць гэтых людзей пад рукі. Рух усё роўна ішоў занадта павольна, таму няшчасных падганялі ўдарамі па галаве. Перад дэзынфекцыйнай камерай мы павінны былі здаць вопратку на апрацоўку. Нам самім не было дазволена нават прыняць душ. Потым перад намі з'явіўся паліцэйскі афіцэр, які аблаяў нас здраднікамі і гітлераўцамі. Ён сказаў, што нам не варта і ўяўляць сабе, што мы калісь выйдзем адсюль, што такое атрымаецца толькі ў самых вытрымлівых і паслухмяных. Тых, хто размаўляў з замежным акцэнтам ці недастаткова шпарка даваў задавальняючы адказ на пытанні афіцэра, білі. Потым нам кінулі нашу мокрую вопратку, якую мы мусілі на вятру надзяваць, каб яна хутчэй высахла.
Нас бягом накіравалі назад і памясцілі ў залю даўжынёй у прыкладна 12 метраў і шырынёй у 6 метраў. Тут мы мусілі стоячы чакаць некалькі гадзінаў, нам забаранялася нават прыхіліцца да сцяны. Пазней да нас прывялі яшчэ людзей. Цяпер нам нарэшце дазволілі легчы. З-за таго, што наша група вырасла да 400 чалавек, людзі літаральна ляжалі адзін на адным. Нам паведамілі, што мы шэсць дзён не атрымаем ежы, бо прадуктаў нехапала; таксама нам было забаронена курыць. На наступны дзень нас адвялі да вялікага катла і далі адну хвіліну, каб памыцца. Вада ў катле перад гэтым ужо паслужыла астатнім некалькім тысячам вязням Бярозы-Картускай. Тут я хачу ўзгадаць, што цягам нашага 16-дзённага зняволення больш памыцца нам не давялося. Толькі жанчынам можна было памыцца некалькі разоў.
Пасля мыцця ў 6 гадзін раніцы мы павінны былі пашыхтавацца ў два шэрагі, і з'явіўся інструктар 3030, цяжкі злачынца. Ён пачаў сваю прамову, у якой заўпэўніў нас, што мы прыйшлі сюды для таго, каб паміраць, а не жыць. Нам не варта было і разлічваць на тое, каб вызваліцца адсюль, нават калі нам удасца пратрымацца некалькі месяцаў. Паралельна ён паліваў нас абразамі, лаянкамі, якія паўтарыць тут немагчыма. Пасля гэтага пачалося своеасаблівае вайсковае практыкаванне, падчас якога мы мусілі бегаць па колу, пакуль нехта не ўпадзе. На гэтага чалавека накідваліся некалькі крымінальнікаў-інструктараў, якія прымушалі яго паўсці далей. 77-гадовы Боднэр і чалавек з пратэзам замест нагі мусілі крочыць туды-сюды, бо не маглі бегчы.
У гэты дзень мы ўпершыню пачулі нямецкія бамбардоўшчыкі. Нас адразу загналі назад у казарму, дзе мы павінны былі стаяць спінамі да вокан. Хто стаяў у другім шэрагу, клаўся ад стомленасці на падлогу. Ва ўмовах пануючай мітусні яны маглі сабе гэта дазволіць. Гул самалётаў быў для нас сімфоніяй, мы напружана чакалі, каб бомбы разбурылі агароджу, якая аддзяляла нас ад волі. Калі пры набліжэнні самалётаў пачыналі гучаць сірэны, мы павінны былі класціся на падлогу. Мы гэтаму былі толькі радыя, бо кожная паўза адцягвала набліжаўшуюся смерць ад кулі.
Падчас трэцяй начы ў Бярозе-Картускай нас прывялі ў залу 17, якая ад гэтага моманту павінна была быць нашым месцам заключэння. У гэтым памяшканні памерамі 12х5 метраў зрабілі насціл з дошак. Паміж тымі дошкамі былі шчыліны шырынёю ў палец. На гэтым насціле мы павінны былі спаць. На аднаго вязня прыходзілася адна дошка і адна шчыліна. Саломы не было. Спаць можна было толькі на адным баку, паварочвацца маглі толькі ўсе разам. У іншых залах на такой плошчы спала да 180 чалавек. Пад галаву мы падкладалі шапкі і вопратку, бо падушак і коўдр не было.
Нашы фізіялагічныя патрэбы мы спраўлялі ў доўгім раве на двары, куды нас бягом выганялі групамі па 60 чалавек. Уздоўж рва ляжала дошка. У гэтым надзвычай прымітыўным туалеце мы маглі правесці не больш за чвэрць хвіліны. Хто затрымліваўся, таго люта біў бярозавым прутам адзін з інструктароў. Паасобку наведваць роў было нельга. Просьбы аб гэтым сустракалі жорсткую адмову. Канечне ж, ніхто не паспяваў скончыць адпраўленне патрэбаў, па камандзе "досыць!" усе імкліва беглі назад у шыхт.
Праз некалькі дзён у вязняў пачаліся болі ў страўніку. Нарэшце, нам дазволілі на ноч ставіць у залу вядро. Мы хадзілі туды і былі часта вымушаныя дапамагаць кішачніку пальцам. Пасля некалькіх дзён цяжкіх пакутаў адзін з нас нарэшце атрымаў слабільнае. Увогуле, лекары аказалі хоць нейкую дапамогу толькі пасля 8 дзён пакутаў ад запора. 9 верасня, калі ўжо многія вязні цяжка захварэлі, была прызначаная лекарская камісія з арыштантаў-лекароў. Гэтыя лекары даследвалі тых, хто скардзіўся на хваробу. Тых, каго прызнавалі хворымі, накіроўвалі да турэмнага лекара, які спярша павінен быў вызначыць, ці чалавек у сапраўды небяспечным стане ці не. У апошнім выпадку хворага саджалі ў карцар. Мушу сказаць, што лекары з камісіі пра гэта казалі сваім пацыентам, якія маглі на сваю рызыку паспрабаваць пайсці да турэмнага лекара, альбо адмовіцца ад гэтай ідэі.
Пакаранні звычайна адбываліся надвячоркам. Вінаватых білі калючым дротам. Мы не заўжды прысутнічалі пра гэтым. Я быў сведкам некалькіх экзекуцый. Ахвяраў білі да страты прытомнасці, пасля чаго аблівалі халоднай вадой і катавалі далей. Найбольш жорстка пакаралі 6 немцаў. Мы стаялі спінамі да іх і толькі чулі, як іх білі да тых пор, пакуль яны не перасталі стагнаць. Гэта былі новапрыбылыя, якія не маглі адразу выконваць усе "практыкаванні", бо былі ўжо пажылымі людзьмі, ня звыклымі да фізічнай працы.
У наступныя дні нас збольшага пасылалі на працу, якая палягала ў цяганні дошак і балак. Каб зрабіць гэту працу як мага больш непрыемнай, прымушалі двух людзей цягнуць 10-12-метровую дошку прыкладна 1 км, і потым бягом прымушаць вяртацца па новую. Уся сістэма грунтавалася на тым, каб выматаць вязня, каб ён зваліўся. Пасля гэтага яго білі гумовымі дручкамі так моцна, што пад ударамі часам рвалася вопратка. Найбольш небяспечнымі былі ўдары па спіне, пасля якіх пачыналіся праблемы з ныркамі і плюцамі.
Пры капанні магіл нас ад пакарання выратоўваў толькі той факт, што пяшчаны грунт быў вельмі мяккім. Тым не менш, ад нас патрабоўвалі такога хуткага тэмпу, што толькі беларусы, якія былі прафесійнымі капальнікамі, вытрымлівалі і пазбягалі, такім чынам, пакарання.
Бывала і лёгкая праца. Да яе належала чыстка картоплі. Але і тут прыдумалі ўскладненне: рабіць гэта трэба было стоячы.
Некаторым даводзілася рабіць бессэнсоўную працу: так, напрыклад нас прымусілі на пляцу, дзе стрыглі новапрыбылых, рукамі збіраць валоссе і адносіць у адну кіпу.
Іншая праца бывала асабліва цяжкай. Так, аднойчы адабралі 10 чалавек, якія павінны былі на працягу адной гадзіны цягаць 20 вагонаў з картопляй ад брамы ў падвал. Кожнаму нагружалі 100 кг. на спіну. Хто не вытрымліваў, таго збівалі і піналі нагамі. Удары заўжды прыходзіліся на самыя балючыя месцы - спіну, суставы і г. д.
На "практыкаваннях" нам даводзілася часта выконваць практыкаванне "ўверх-уніз", калі трэба было 50 разоў упасці тварам у зямлю перад карнікам.
Ад агульных працаў вызваляліся толькі асобныя рамеснікі, як цесляры, будаўнікі калодзежаў і г.д. Але і яны скардзіліся нам, што даваныя ім заданні былі вышэй за іхныя сілы.
З-за таго, што вязні, асабліва сяляне, пастаянна паўтаралі просьбы аб харчаванні і нават вонкава рабіліся слабей і хварэй, на пяты дзень нашага зняволення ў Бярозе мы атрымалі трохі супу. Суп складаўся з 3/4 л. вады і 2 лыжак ячменнай крупы. Такая порцыя была разлічаная на 2 чалавек, якія елі з аднаго гаршчку. Аб гігіене пры гэтым не магло быць ніякай размовы. Ад шостага дня мы двойчы на дзень атрымлівалі гэты суп і 20 г. хлебу. Двухкілаграмовы батон хлебу дзяліўся паміж 11 мужчынамі. У першыя дні мы пры гэтым не атрымлівалі вады, што на сонечным надвор'і і спякоце асабліва катавала нас. Калі на турэмны двор прынеслі бочку з вадою, здарылася страшная даўка. Усе кінуліся да вядра, з якога мы мусілі піць. Зноў з'явілася шмат нагодаў раздаць пакаранні. Хто праліваў ваду, таго білі, і ўсю яго групу пазбаўлялі вады.
Ужо ў першыя дні некаторыя людзі, якія былі на працах, атрымалі ваду - але толькі прывілеяваныя адзінкі. Падчас пары нам атрымлівалася сцягнуць вядро вады з памяшкання для мыцця, куды нам нельга было заходзіць. Гэты пакой знаходзіўся на другім паверсе на лесвіцы.
Гэты недахоп вады не дазваляў рабіць кампрэсы на месцах пабоеў. Мы прыдумалі на ноч рабіць кампрэсы з урыны, што трохі паслабляла боль. Мне здаецца, сярод нас не было такога, каму б не даставалася гумовым дручком. Большасць была бітая кожны дзень - ці за павольны бег, ці за дрэнна выкананую працу, ці ўвогуле без прычыны.
Прыём ежы звычайна адбываўся на турэмным пляцу. Міскі ставіліся на зямлю, да іх сядалі па два вязня і елі. Так адбывалася па чарзе. Падчас пары нас кармілі і ў залі. Гэта адбывалася падчас налётаў і ў дождж. Спаць удзень нам не дазвалялі.
Аднойчы, калі мы позна вярнуліся з працаў, мы елі ў кухне. Але і тут мы елі на падлозе, а не за сталамі.
12 ці 13 верасня прывялі 6 нямецкіх ваеннапалонных. Яны таксама елі на пляцу з зямлі. Нам не атрымалася з імі пастасавацца. Я бачыў іх толькі адзін раз, потым яны зніклі. Распавядалі, што іх схапілі са збітых самалётаў. Што з імі здарылася потым, я не ведаю. У любым выпадку, ніхто не бачыў, каб яны пакінулі турму.
Размовы забараняліся. Падчас пары мы маглі камунікаваць дзякуючы неўважлівасці ахоўнікаў. Я мяркую, што каля 30 вязняў з маёй групы зніклі, з гэтага ліку двое не вытрымалі звычайнага пакарання, а яшчэ адзін у вечар, калі іх пакаралі, быў выкліканы з камеры і больш не вярнуўся.
Нас пастаянна запалохвалі карцарам, якога я не бачыў. Нам казалі, што гэта пакой, дзе вязень стаяў па шчыкалатку ў вадзе і дзе на галаву пастаянна падала халодная вада. Цягам першых трох дзён вязень не атрымліваў ежы.
Я не сумняваюся, што мы ўсе пагінулі б страшнай смерцю, калі б 18 верасня не прынесла нам збаўленне. Турэмнае начальства спалохалася падзеяў папярэдніх дзён, узяла са сховішча грошы вязняў і збегла, пакінуўшы ключы інструктарам-крымінальнікам, асуджаным за забойствы і крадзеж. Яны абрабавалі лагер, узялі частку нашых рэчаў і збеглі. Ключы ад камер яны перадалі аднаму з вязняў, які нас выпусціў.
Вы ледзьве верылі свайму шчасцю. Многія ад радасці кідаліся мне на шыю і цалавалі, іншыя панічна беглі за агароджу, трэція шукалі сяброў і сваякоў.
У лагеры ўтрымлівалася да 8.000 асобаў, з іх прыкладна 5.000 немцаў, 2.500 украінцаў, 300 беларусаў і 200 габрэяў, а таксама некалькі расійцаў. Жанчын было паміж 300 і 400. Некаторыя былі з дзецьмі. Былі нават 14-16-гадовыя дзяўчыны, якіх прывозілі ў Бярозу ў той час, як іхныя бацькі заставаліся дома.
За выняткам беларускіх і ўкраінскіх сялян у турме ўтрымоўваліся збольшага прадстаўнікі інтэлігенцыі: лекары, інжынеры, служачыя і г. д. Жанчыны паходзілі пераважна з нямецкіх асяродкаў. З усімі абыходзіліся прыкладна аднолькава жорстка.
Наш арышт меў характар беззаконнага дэспатычнага гвалту, ніхто з нас не прызнаваў за сабой віны. Што тычыцца мяне, дык я лічу, што мяне арыштавалі з-за маіх сяброўскіх адносін ў нямецкім дыпламатычным корпусам.
Пасля таго, як былі адчыненыя камеры, мы пайшлі шукаць нашы рэчы. Некаторыя залезлі ў склад і пачалі выкідваць нашы згорткі з рэчамі ўніз. Я заўважыў, што ніхто не браў чужых рэчаў, многія валіскі і згорткі дарэмна чакалі сваіх забітых гаспадароў. Я чуў, што гэтя рэчы потым былі разабраныя мясцовым насельніцтвам, якое толькі пад вечар наважылася пералесці праз жахлівы калючы дрот.
А 12-й гадзіне 18 верасня я адправіўся ў дом свайго бацькі, што знаходзіўся ў 130 км. ад гэтага страшнага месца, якое заўсёды будзе стаяць перад маімі вачыма як месца страшнейшага злачынства супраць чалавечай годнасці і месца забойства людзей.
Усё, што я напісаў тут, я гатовы ў любы момант паўтарыць пад прысягай.
Леон Лышчынскі-Траекураў (Leon Lyszczynski-Trojekurow)